Гродзеншчына – непаўторны куток беларускай зямлі з багатай гісторыяй. Кожны горад, кожная вёсачка тут дыхае таемнай спадчынай мінулага, якую нашы сучаснікі могуць вывучаць і даследаваць не толькі па папяровых гістарычных звестках, але і па фотаздымках.


У Год гістарычнай памяці ў Беларусі стартаваў сумесны гісторыка-культурны праект “Бацькаўшчына” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Пачатак праекту надало выданне аднайменнага календара, у якім прадстаўлены старадаўнія паштоўкі і фотаздымкі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў з асабістай калекцыі аўтара.


“Гродзенская праўда” падтрымала праект і, пачынаючы з гэтага нумара газеты, адкрывае цыкл фотапублікацый, прысвечаных гістарычнай спадчыне гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і вёсак Гродзеншчыны.


Дарэчы, калекцыя Уладзіміра Ліхадзедава налічвае каля 50 тысяч экзэмпляраў. Многія ўнікальныя паштоўкі і фотаздымкі ўвайшлі ў кнігі-фотаальбомы аўтара, сярод якіх ёсць выданні, прысвечаныя гісторыі Гродна, Навагрудка, Ліды, Свіслачы, Слоніма, Смаргоні, Ашмян. У гэтым годзе плануецца, што пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама ўбачаць свет яшчэ тры фотаальбомы пра Ваўкавыскі, Іўеўскі і Карэлічскі раёны.


Праект, безумоўна, унікальны і ставіць вельмі важную і актуальную задачу – вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гістарычнай спадчыны беларускага народа. Акрамя таго, ён будзе складаць аснову XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі, якая пройдзе 23-27 сакавіка.

Стары замак

Стары замак у Гродне з'яўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры і археалогіі, адзіным захаваным каралеўскім замкам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Сёння архітэктурная жамчужына перажывае змены: маштабная рэканструкцыя пачалася ў 2017 годзе і ажыццяўляецца ў некалькі этапаў. Будаўнічыя работы першай чаргі завершаны. Яна ўключала будаўніцтва мернай хаты, камяніцы, узвядзенне ўязной і сярэдняй веж з боку Нёмана, аднаўленне прыгоннай сцяны з галерэямі, пракладку неабходных камунікацый. Летась былая рэзідэнцыя караля Стэфана Баторыя, прадстаўляючыся ў абноўленым абліччы, расчыніла свае дзверы для першых наведвальнікаў.

Мірскі замак

Мірскі замак з'яўляецца выдатным прыкладам абарончага дойлідства XVI-XVII стагоддзяў. Спалучэнне готыкі, барока і рэнесансу зрабіла яго ўнікальным збудаваннем у Еўропе. Каб захаваць архітэктурную жамчужыну, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту тут пачаліся рэстаўрацыйныя работы. У 2010 годзе пасля іх завяршэння адбылося ўрачыстае адкрыццё замкавага комплексу "Мір". Акрамя непасрэдна непрыступнай цытадэлі ён уключае царкву-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх, англійскі пейзажны парк з сажалкай, земляныя валы з бастыёнамі і шэраг іншых аб'ектаў. Унікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Аўгустоўскі канал
Аўгустоўскі канал – выбітнае гідратэхнічнае збудаванне XIX стагоддзя, адзін з найбуйнейшых каналаў Еўропы, уключаны ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Штучны водны шлях, які злучыў басейны Віслы і Нёмана, мае агульную даўжыню на тэрыторыі Польшчы і Беларусі каля 102 км. У 2004–2006 гадах беларускі ўчастак канала (22 км) цалкам адрэстаўравалі: ачысцілі рэчышча, аднавілі старадаўнія гідратэхнічныя збудаванні. Тут дзейнічаюць 5 шлюзаў-рэгулятараў, 2 плаціны і 4 суднаходных шлюза: Нямнова, Дамброўка, Валкушак і Кужынец. Сёння канал мае велізарнае значэнне як аб'екта турызму.
Каложа

Свята-Барыса-Глебская Каложская царква – унікальны ўзор старажытнага праваслаўнага дойлідства, збудаваны майстрамі гродзенскай архітэктурнай школы, які ўключаны ў папярэдні спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Царква на стромкім беразе Нёмана была ўзведзена ў XII стагоддзі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя яна моцна пацярпела ад апоўзня, страціўшы Паўднёвую каменную сцяну, якая ў выніку была заменена на драўляную. Храм працягваў жыць, нягледзячы на мноства іншых выпрабаванняў, у тым ліку прыродных. У апошнія гады дзякуючы падтрымцы дзяржавы былі праведзены маштабныя работы па яго абнаўленні, у тым ліку капітальны рамонт драўлянай сцяны. Сёння Каложская царква – візітная картка горада, адзін з самых наведвальных аб'ектаў. Пры гэтым Каложа хоць і гістарычны аб'ект, але не музей, а дзеючы храм, дзе праходзяць службы.

Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр

Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр – адзін з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя і адзін з самых маштабных архітэктурных ансамбляў XVII-XVIII стагоддзяў на тэрыторыі краіны. Праваслаўны манастыр узнік там, дзе, паводле падання, 20 мая 1470 года была яўлена Жыровіцкая ікона Божай Маці. Тады быў узведзены драўляны храм, які пазней згарэў. У XVI стагоддзі на яго месцы была пабудавана новая каменная царква ў гонар Найсвяцейшай Багародзіцы. Пры гэтым у храме быў створаны праваслаўны мужчынскі манастыр. У 1629 годзе ў Жыровіцкім манастыры пачалося будаўніцтва велічнага Успенскага сабора. У 2020 годзе Беларусь адзначыла 550-годдзе здабыцця цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзе з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Да святкавання юбілею тут былі праведзены работы па рэканструкцыі, якія працягваюцца. Рэканструкцыя і рэстаўрацыя святыні рэалізуюцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы.

Гродзенскі чыгуначны вакзал

Рух па першай пракладзенай па беларускай зямлі лініі Гродна-Парэчча Пецярбурга-Варшаўскай чыгункі адкрылі ў снежні 1862 года. На станцыі "Гродна" быў узведзены драўляны будынак вакзала. У 1868 годзе яго змяніла капітальная пабудова, якая была больш падобна на палац альбо ратушу. Яна стала сапраўдным упрыгожваннем і візітнай карткай горада. Па сваёй архітэктуры новы будынак вакзала быў яркім прыкладам эклектыкі. У канцы XIX стагоддзя зацвердзілі праект пашырэння пасажырскага будынка станцыі "Гродна". Падчас баёў за вызваленне горада ад фашыстаў вакзал быў разбураны, аднак у першыя пасляваенныя гады цалкам адноўлены.У 1956 годзе кінарэжысёр Леў Голуб здымаў тут фільм "Міколка-паравоз". У 1986 годзе быў пабудаваны новы сучасны вакзальны комплекс. У 2011–2013 гадах выканана поўнамаштабная яго рэканструкцыя.

Лідскі замак

Лідскі замак – унікальны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя. Будаўніцтва яго пачаў ў 1323 годзе вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Гедымін. Атрымаўся замак тыпу кастэль з бутавага каменя і цэглы ў форме няправільнага чатырохвугольніка: паўночная сцяна даўжэй астатніх, бо менавіта адсюль чакалі нападу крыжакоў. Замак размясціўся на насыпным пяшчаным пагорку, акружаным балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка і ровам. За сваю гісторыю замак вытрымаў мноства бітваў і аблог. У XVIII стагоддзі ён страціў сваё стратэгічнае значэнне і пачаў паступова разбурацца. У мінулым стагоддзі замак закансервавалі. У 2010 годзе гістарычны аб'ект трапіў у спіс інвестыцыйных праграм "Культура Беларусі" і "Замкі Беларусі", дзякуючы якім пачаліся рэстаўрацыйныя работы. У пазамінулым годзе завяршылі чацвёртую іх чаргу – вежу Гедыміна, дапоўніўшы яе трыма ярусамі і размясціўшы там экспазіцыю, прысвечаную гісторыі замка.

"Швейцарская даліна"
Гісторыя гэтага дзіўнага месца пачалася ў другой палове XVIII стагоддзя і цесна звязана з імем Антонія Тызенгаўза, старасты Гродзенскай каралеўскай эканоміі. Быў пабудаваны палац у стылі позняга барока, закладзены Каралеўскі батанічны сад, заснавальнікам якога быў вядомы французскі навуковец Жан Эмануэль Жылібер. На рацэ Гараднічанцы з'явілася рамантычная даліна з тэрасамі і лёгкімі драўлянымі масткамі. Лічыцца, што Напалеон Орда, які зрабіў замалёўку парку і рачной даліны, за прыгажосць назваў яе "швейцарскай". Такая назва ўвайшла і ва ўжытак гарадзенцаў. У пачатку XXI стагоддзя быў ажыццёўлены праект рэканструкцыі гарадскога парку і "Швейцарскай даліны", які стаў часткай агульнага плана добраўпарадкавання Гродна да яго 880-годдзя.
Пажарная каланча

Пажарная каланча – помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя. У 1885 годзе страшны пажар знішчыў палову дамоў Гродна. Каб пазбегнуць у будучыні падобнай сітуацыі, у 1902 годзе на ахвяраванні мясцовых жыхароў у горадзе была пабудавана пажарная каланча. У наш час помнік прайшоў праз сур'ёзную рэканструкцыю, пасля якой частка памяшканняў стала музеем пажарнай і аварыйна-выратавальнай службаў. Тут нямала цікавых экспанатаў, якія расказваюць пра самыя вялікія пажары, што адбываліся ў Гродна, а таксама пра барацьбу з імі. Наверх каланчы вядуць 120 ступеняў. Пасля рэканструкцыі на назіральнай пляцоўцы была ўстаноўлена скульптура дазорнага пажарніка, а на даху – флюгер з эмблемай пажарнай службы.

Царква ў весцы Мураванка

Царква Раства Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна, вядомая як Маламажэйкаўская царква, з'яўляецца помнікам гатычна-рэнесанснай архітэктуры.


Доўгі час афіцыйнай датай будаўніцтва царквы лічыўся 1407 год. Аднак больш дэталёвае вывучэнне помніка дало падставы меркаваць, што царква была пабудавана паміж 1516 і 1542 гадамі на сродкі мясцовага памешчыка Шымкі. Мураванская царква была ўзведзена як абарончае збудаванне і ў свой час магла быць не толькі месцам для малітваў і богаслужэнняў, але і крэпасцю для абароны.


У 1906 годзе, гэта значыць больш за сотню гадоў таму, быў зроблены апошні капітальны рамонт царквы. Адной з нераскрытых таямніц Мураванкі застаюцца падземныя хады. Пра іх расказваюць не толькі мясцовыя легенды, але і гістарычныя факты. У адной са сцен быў знойдзены праход з сярэдняй часткі храма ў алтарную.

Сынкавіцкая царква

Сынкавіцкая Міхайлаўская царква-крэпасць у вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна – адзін з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі.


Дакладны час будаўніцтва царквы невядомы, але агульныя гатычныя канструкцыі дазволілі даследчыкам лічыць, што храм пабудаваны ў канцы XV – пачатку XVI стагоддзя. Аднак падчас рэстаўрацыі былі выяўлены сведчанні больш ранняй гісторыі храма. Па адной з легенд Сынкавіцкую царкву заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за тое, што мясцовыя жыхары дапамаглі схавацца яму ад пагоні Ягайлы. Мяркуецца таксама, что храм пабудаваў вялікі гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі.


У 1891 годзе побач з храмам пабудавалі двух'ярусную чатырохгранную званіцу. Царква таксама славіцца незвычайным гучаннем званоў, якім няма роўных у Беларусі, і акустыкай. Адной з галоўных каштоўнасцей царквы з'яўляецца ікона Божай Маці "Усецарыца", напісаная яшчэ ў XVII стагоддзі.

Вялікая харальная сінагога

Гісторыя Вялікай харальнай сінагогі ў Гродне пачынаецца з XVI стагоддзя. Яна была пабудавана ў 1575-1580 гады па праекце італьянскага архітэктара Санці Гучы. У выніку пажару ў 1617 годзе сінагога была знішчана, але польскі кароль Жыгімонт III дазволіў яўрэям пабудаваць новую сінагогу на месцы старой. Другая сінагога паўтарыла трагічны лёс папярэдняй. Цяперашні будынак Вялікай харальнай сінагогі быў пабудаваны ў 1902-1905 гадах. Падчас вайны сінагога апынулася на тэрыторыі яўрэйскага гета, яе разрабавалі, а фасад будынка быў пашкоджаны кулямі і снарадамі. У 1991 годзе сінагогу вярнулі яўрэйскай рэлігійнай абшчыне. Было праведзена ўзнаўленне фасада, унутранага ўбранства.

Палац Друцкіх-Любецкіх

Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў палацы размяшчаліся розныя адміністрацыйныя ўстановы. Потым – воінская частка. Пасля яе расфарміравання палац паступова прыходзіў у заняпад. Доўгі час ішла работа над стварэннем праекта рэканструкцыі помніка архітэктуры. Цяпер адноўлены палац з'яўляецца адной з "візітак" горада. Музейная экспазіцыя палаца знаёміць гасцей з гісторыяй шчучынскай зямлі, яе выдатнымі ўраджэнцамі, архітэктурнымі помнікамі XVI - пачатку XX стагоддзяў.

Навагрудскі замак

Навагрудскі замак не толькі асноўная каштоўнасць Навагрудка, але і адзін з галоўных гістарычных помнікаў Беларусі. Унікальнае збудаванне абароннага дойлідства размешчана на адной з самых высокіх кропак краіны – Замкавай гары. Замак існаваў з XIII па XVII стагоддзі. Сёння захаваліся падмуркі ўмацаванняў з пабудовамі і руіны веж. З 2012 года на тэрыторыі замка рэалізуецца архітэктурны праект па рэканструкцыі з кансервацыяй, якім прадугледжана рэалізацыя шасці пускавых комплексаў.

Музей імя Баграціёна

Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна размешчаны ў двух будынках, злучаных галерэяй. Стары будынак быў пабудаваны ў 1805 годзе. У ім напярэдадні Айчыннай вайны 1812 года знаходзіўся штаб Другой Заходняй арміі пад камандаваннем генерала Пятра Іванавіча Баграціёна. Новы будынак быў адкрыты ў 2001 годзе. Пачатак музею быў пакладзены ў 1935 годзе. Яго заснавальнік і першы дырэктар Георгій Іосіфавіч Пех быў краязнаўцам. Ён сабраў калекцыю прадметаў, якія ляглі ў аснову краязнаўчага музея. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны музей быў разрабаваны і зачынены. Пасля вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў адноўлены, а 27 лютага 1953 года пераўтвораны ў ваенна-гістарычны музей.

Воданапорныя вежы "Кася" і "Бася"

З'яўленне гэтых аб'ектаў прамысловай архітэктуры звязана з пачаткам дзейнасці гродзенскага водаправода, які пачаў будавацца ў 1877 годзе. Заходняя (ружовая) вежа была ўзведзена ў 1890-м, а ўсходняя (жоўтая) – не раней 1915 года. Адкуль узяліся імёны "Кася" і "Бася", сёння ўжо дакладна ніхто не ведае. У канцы XX стагоддзя ў гэтых арыгінальных збудаваннях, 22-метровых вежах з багата дэкарыраванымі фасадамі размясціліся творчыя майстэрні Гродзенскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі.

Свята-Пакроўскі сабор у Гродне

Будаўніцтва Свята-Пакроўскага сабора пачалося ў 1904 годзе. Ён ствараўся як гарнізонная царква, але потым па ініцыятыве грамадскасці быў пераўтвораны ў цэлы мемарыяльны комплекс, які ўключаў храм-помнік у гонар загінуўшых воінаў і музей. У 1921 годзе Свята-Пакроўскі сабор атрымаў статус кафедральнага ў сувязі з закрыццём Сафійскага сабора (Фары Вітаўта), які да нашых дзён, на жаль, не захаваўся.

Лютэранская кірха ў Гродне

Упершыню ўпамінаецца ў 1793 годзе. Кірха ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Лютэранская царква ў Гродне – адзіная кірха, якая дзейнічае ў Беларусі. Доўгія гады будынак кірхі не выкарыстоўваўся па прызначэнні. Аж да 1994 года тут знаходзіўся дзяржаўны архіў, таму з храма была вывезена значная частка элементаў інтэр'ера. У канцы 2013 года пачалася рэстаўрацыя будынка, якая скончылася ў 2015 годзе. Адноўлена першапачатковае аблічча кірхі, у тым ліку рэканструяваны 12-метровы шпіль і 10 крыжоў у экстэр'еры храма.

Крыжаўзвіжанская царква ў аграгарадку Свіслач

У аграгарадку Свіслач захавалася Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў XIX стагоддзі. Цяпер гэтая царква цалкам адрэстаўравана і з'яўляецца гістарычным помнікам. Праваслаўны храм у аграгарадку з'яўляецца відавочным прыкладам таго, як у Беларусі клапоцяцца пра захаванне гістарычна-архітэктурных каштоўнасцей. Царква абсалютна адноўлена і цяпер сюды з радасцю і задавальненнем прыходзяць прыхажане.

Народны дом (гарадскі цэнтр культуры)

Будынак быў пабудаваны ў 1904 годзе. У ім была бібліятэка, праводзіліся лекцыі на самыя розныя тэмы, ставілі спектаклі, давалі канцэрты. Падчас Першай сусветнай вайны ў Народным доме размяшчаўся лазарэт. У 1923 годзе тут быў створаны Гродзенскі гарнізонны тэатр, а ў 1968 годзе адкрыты гарадскі Дом культуры. На працягу ўсяго перыяду свайго існавання будынак па вуліцы Дзяржынскага, 1 не зведаў значных перабудоў і захаваў свой стыль. Падчас рэканструкцыі ўдалося захаваць унікальную акустыку і стварыць інтэр'еры, максімальна набліжаныя да гістарычнага аблічча.

Гродзенскі абласны драматычны тэатр

Гродзенскі абласны драмтэатр быў створаны ў 1947 годзе на базе Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра, які часова размяшчаўся ў Гродне. Спачатку спектаклі праходзілі ў будынку тэатра гродзенскага старасты А. Тызенгаўза, пабудаваным у 1780‑я гады. У 1984 годзе для тэатра пабудаваны новы будынак з цэглы і жалезабетону. Сёння ён з'яўляецца адным з сімвалаў Гродна.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы

Старая частка будынка ГрДУ імя Янкі Купалы была ўзведзена ў 1893 годзе па праекце Санкт-Пецярбургскага архітэктара, інжынера і стацкага саветніка Васіля Небольсіна для патрэб Гродзенскай жаночай Марыінскай гімназіі. Тут атрымлівалі адукацыю дочкі чыноўнікаў, дваран і духоўных асоб. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года гімназія была зачынена, аднак яе будынак працягваў служыць адукацыйным мэтам. У міжваенны час у будынку дзейнічала жаночая настаўніцкая семінарыя імя Элізы Ажэшкі. У 1940 годзе ў будынку гімназіі быў адчынены першы на тэрыторыі Заходняй Беларусі настаўніцкі інстытут. Пасля Другой сусветнай вайны ён быў пераўтвораны ў педагагічны, а ў 1978 годзе на яго базе адкрыты Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Гродзенская абласная дзіцячая клінічная бальніца

Сёння Гродзенская абласная дзіцячая клінічная бальніца размяшчаецца ў чатырох лячэбных карпусах: першы лячэбны корпус 1961 года пабудовы, рэканструяваны ў сакавіку 2006 – снежні 2007 года; другі лячэбны корпус 1981 пабудовы, рэканструяваны ў 2004-2005 гадах; трэці лячэбны корпус 1981 пабудовы і чацвёрты хірургічны корпус, уведзены ў эксплуатацыю ў красавіку 2014 года. Бальніца мае сучаснае абсталяванне. У стацыянары кругласутачна аказваецца планавая і экстранная педыятрычная, хірургічная, траўматалагічная, рэанімацыйная і іншая медыцынская дапамога дзецям.

Музей Францішка Багушэвіча ў Ашмянах

Музей створаны ў 1952 годзе, а ў 1953 годзе атрымаў імя беларускага паэта Францішка Багушэвіча. У 2009 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё музея пасля рэканструкцыі. Фонды яго налічваюць больш за 20 000 музейных прадметаў. У музеі захоўваюцца асабістыя рэчы Францішка Багушэвіча, прадметы археалогіі і нумізматыкі, побыту, вырабы народных майстроў, дакументы і фатаграфіі канца ХІХ-ХХ стст.

Моладзевы цэнтр «Гродна»
Моладзевы цэнтр «Гродна» з'явіўся на месцы кінатэатра з аднайменнай назвай. Адкрылі кінатэатр на 800 месцаў 22 студзеня 1961 года. У першы дзень у кінатэатры пабывалі больш за 4000 чалавек. У 1990-х пачаўся спад цікавасці да кіно. У 1999 годзе «Гродна» стаў канцэртнай залай абласной філармоніі, але ненадоўга. У 2002 годзе кінатэатр ізноў вярнуўся ва ўласнасць КУП «Гроднааблкінавідэапракат». Памяшканні здаваліся ў арэнду. Стан былога кінатэатра не даваў спакою. Пасля рэканструкцыі будынак поўнасцю абнавілі. Дзякуючы гэтаму ў Гродне з'явіўся першы не толькі ў вобласці, але і ў Беларусі шматпрофільны моладзевы цэнтр.
Палац культуры тэкстыльшчыкаў у Гродне
Будынак былога клуба тонкасуконнага камбіната на плошчы Савецкай быў пабудаваны ў 1958 годзе. Палац культуры тэкстыльшчыкаў з'яўляўся культурным цэнтрам Гродна. Тут арганізоўваліся кінасеансы, мерапрыемствы для дзяцей, святочныя канцэрты, праводзіліся танцавальныя вечары для дарослых, ствараліся ансамблі і музычныя гурты. У канцы 60-х гадоў на сцэне палаца пачыналі сваю кар'еру «Песняры». У савецкі час перад галоўным уваходам падчас дзяржаўных свят усталёўвалася трыбуна, каля якой праходзілі святочныя калоны. Сёння палац на рэканструкцыі.
Гродзенская гарадская гімназія
Установа адукацыі была адкрыта ў снежні 1939 года. У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна. Настаўнікі і вучні старэйшых класаў пайшлі на фронт, каб абараняць Радзіму ад фашыстаў. У гонар вучняў і настаўнікаў школы, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, на тэрыторыі школы ўзведзены памятны абеліск. Аднавіла сваю дзейнасць школа ў 1944 годзе з моманту вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 2008 годзе школа атрымала статус гарадской гімназіі.
Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт
Заняткі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце пачаліся 1 кастрычніка 1958 года. Стварэнню інстытута дапамагалі вучоныя і ўрачы з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Таджыкістана, Кіргізіі. Першапачаткова выкарыстоўваліся прыстасаваныя будынкі, размешчаныя на Калгаснай плошчы, вуліцах Э. Ажэшкі і К. Маркса. Але ўжо ў 1960 годзе быў пабудаваны першы біялагічны корпус. У далейшым інстытуту быў перададзены адміністрацыйны корпус па вуліцы Горкага. Цяпер універсітэт мае 5 вучэбных карпусоў. Сёння яны набылі сучасны выгляд.
Стары мост у Гродне

Першы вялікі драўляны мост у Гродне праз раку Нёман быў пабудаваны яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя. Падчас адной з сярэднявечных войнаў ён быў разбураны. Мост з'явіўся ў горадзе зноў толькі ў 1908 годзе, але яго знішчылі падчас Першай сусветнай вайны. У 1935 годзе мост аднавілі, але ў 1944-м зноў узарвалі. На гэты раз немцы, якія хацелі затрымаць вызваленне горада. Пасля вайны мост пабудавалі зноў, і да адкрыцця ў 1971 годзе Новага маста ён быў адзіным у абласным цэнтры. У 2008 годзе на Старым мосце пачалі рэканструкцыю, і сёння ён па праву лічыцца адной з найбольш значных частак дарожнай інфраструктуры горада.

Стадыён «Нёман»

Стадыён быў пабудаваны ў 1962 годзе і да рэканструкцыі стадыёна «Дынама» ў Мінску з'яўляўся самым вялікім у БССР. Рэканструкцыя стадыёна праходзіла з 2003 па 2008 год. Пасля завяршэння аб'ект атрымаў статус шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу з трыбунамі для гледачоў звыш на 8400 месцаў, з полем для гульні ў хакей на траве, капітальна адноўленымі спартыўнымі заламі, футбольным полем.

Музей гісторыі рэлігіі

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі – адзіны музей у краіне, які вывучае і адлюстроўвае гісторыю рэлігіі і культуры Беларусі. Свой пачатак ён бярэ ў Полацку. У адпаведнасці з рашэннем Бюро ЦК КПБ у 1973 годзе было прынята рашэнне аб арганізацыі і стварэнні Рэспубліканскага музея атэізму ў Полацку. Праз некалькі гадоў яго перайменавалі ў Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі і перанеслі ў Гродна. Для размяшчэння экспазіцый і фондавых калекцый выдзелілі будынкі жаночага манастыра. У жніўні 2005 года музей атрымаў двухпавярховы палац на вуліцы Замкавай, які з'яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. У будынку пачалася рэстаўрацыя, якая завяршылася ў 2009 годзе.

Гродзенскі дом дзіцяці
20 гадоў пасля заснавання Гродзенскі дом дзіцяці знаходзіўся на вуліцы Студэнцкай. З 1964 года і па сённяшні дзень ён размешчаны на вуліцы Цёткі. У 2011 годзе завяршылася рэканструкцыя будынка. Цяпер гэта сучасная ўстанова аховы здароўя для выхавання, рэабілітацыі і аказання медыцынскай дапамогі дзецям, якія засталіся без бацькоў, а таксама маюць асаблівасці развіцця і цяжкія захворванні. Ва ўстанове ёсць некалькі палат паліятыўнай дапамогі, басейн, зала ЛФК, два масажныя кабінеты і іншае неабходнае.
Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж
Установа адукацыі лічыцца адной з найстарэйшых у краіне. Ёй больш за 140 гадоў. Гісторыя каледжа пачыналася ў 1876 годзе: у спецыяльна пабудаваным будынку па вуліцы Будзёнага адкрылася школа павітух. У 1910 годзе школа стала фельчарска-акушэрскай. Як медыцынскае вучылішча навучальная ўстанова стала функцыянаваць з 1975 года, а з 2003-га стала медыцынскім каледжам. Каледж сёння мае два навучальныя карпусы з сучаснымі аўдыторыямі і лабараторыямі, бібліятэкай, чытальнай, актавай, спартыўнай і трэніровачнай заламі, сталовай, інтэрнатам. Навучальныя лабараторыі аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем.
Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт
Рашэнне аб адкрыцці сельскагаспадарчага інстытута ў Гродне з'явілася 17 студзеня 1951 года. На першы курс агранамічнага і заатэхнічнага факультэтаў былі прыняты 175 студэнтаў. У 2000 годзе інстытут быў пераўтвораны ў аграрны ўніверсітэт. За 55 гадоў выпушчана каля 22 тысяч высока-кваліфікаваных спецыялістаў. Універсітэт сёння – гэта 6 навучальных карпусоў, 6 інтэрнатаў, стадыён, база адпачынку, бібліятэка, музей, спартыўны клуб. Абноўлены сучасны выгляд мае і галоўны корпус установы адукацыі.
Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж
Гісторыя ўстановы адукацыі пачынаецца ў 1959 годзе. У канцы 60-х гадоў вучылішча атрымала будынак па вуліцы Ваўковіча, 1, але першапачаткова яно не было прыстасавана для музычнай справы. Адсутнічалі паўнавартасная канцэртная зала, аркестравы клас, іншыя памяшканні. Было прынята рашэнне аб узвядзенні новага будынка. У 2006 годзе будаўніцтва было поўнасцю завершана і музычны каледж канчаткова быў пераведзены ў новы будынак па праспекце Янкі Купалы, 53.
Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр
Гродзенскі гарадскі радзільны дом па вуліцы Чапаева, 8 быў адкрыты ў 1945 годзе і размяшчаўся ў двухпавярховым цагляным будынку з пячным ацяпленнем. У канцы 1950-х гадоў у Гродне было пачата будаўніцтва новага тыпавога будынка радзільнага дома. У снежні 1962 года раддом пераехаў у новы трохпавярховы будынак па вуліцы Горкага, 77. Па гэтаму адрасе ён знаходзіцца і сёння. Не раз ва ўстанове аховы здароўя праводзілася мадэрнізацыя, будаваліся новыя карпусы. Дзякуючы гэтаму сёння ў горадзе працуе сучасны, абсталяваны ўсім неабходным Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр.
Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку

Дом-музей Адама Міцкевіча ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод экспанатаў асабістыя рэчы Адама Міцкевіча, прадметы, звязаныя з яго творчасцю і асяроддзем. Дарэчы, шляхецкая сядзіба пачатку XIX стагоддзя: дом, флігель, клець, калодзеж, альтанка – былі адноўлены. У 2018–2019 гадах быў праведзены капітальны рамонт даху будынкаў.
Касцёл Святой Троіцы ў Гервятах
Касцёл у неагатычным стылі быў пабудаваны ў мястэчку Гервяты ў 1899–1903 гадах. Гэта адзін з самых высокіх храмаў Беларусі: яго вышыня 64 метра. Як аказалася, месца для збудавання храма было абрана не самае ўдалае: грунтовыя воды ўвесь час размывалі яго падмурак. Каб выправіць сітуацыю, будаўнікам прыйшлося павярнуць рэчышча мясцовай ракі Лошы. З цягам часу каля храма размясціўся экзатычны дэндрарый, дзе высаджана больш за дзве тысячы раслін. Цікава, што з моманту асвячэння Троіцкі касцёл ні разу не зачыняў сваіх дзвярэй для вернікаў.
Касцёл Святога Казіміра ў Ліпнішках
Каталіцкая парафія і драўляны касцёл з'явіліся ў Ліпнішках у 1510 годзе. Будынак, канешне, не захаваўся. У 1900 годзе ў вёсцы пачалося будаўніцтва новага мураванага храма. Ён узводзіўся на сродкі ўладальніка Ліпнішак Аляксандра Вольскага, хаця грошы збіралі таксама і прыхаджане. Архітэктурны праект распрацоўвалі спецыялісты з Францыі. Працавалі на будаўніцтве запрошаныя палякі і мясцовыя жыхары. Храм быў пабудаваны ў 1910 годзе, але дадатковыя працы праводзіліся аж да 1927 года, пасля чаго касцёл асвяцілі.
Чыгуначная станцыя Гудагай
Па розных звестках, чыгуначная станцыя Гудагай у Астравецкім раёне існавала ўжо ў 1880 годзе. У 2010 годзе чыгуначны вакзал у Гудагаі капітальна адрамантавалі. З'явіліся прыгарадныя касы і зала для тых, хто выязджае за мяжу. Рамонтнікі пастараліся захаваць знешні выгляд і нават колер першага Гудагайскага вакзала. Станцыя не толькі абнавілася і папрыгажэла, але і разраслася: побач з вакзалам пабудавалі новыя будынкі для памежнікаў і мытнікаў.
Касцёл Святых Пятра і Паўла ў Іўі
Касцёл пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя на месцы больш старажытнага гатычнага храма XV стагоддзя. Падчас руска-польскай вайны 1654—1667 гадоў касцёл быў спалены. У канцы XVIII стагоддзя пачалося ўзвядзенне на тым жа месцы новага касцёла ў стылі барока, які захаваўся да нашых дзён. Пасля закрыцця ў 1858 годзе манастыра бернардынцаў касцёл стаў парафіяльным. У наш час каталіцкі храм у Іўі – адна з найпрыгажэйшых каталіцкіх святынь Гродзеншчыны.
Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ў Іўі
Незвычайны будынак, дзе сёння размяшчаецца Іўеўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, знаходзіцца ў цэнтры гарадка. Некалі гэта была яўрэйская сінагога. Знешні выгляд будынка пасля рэстаўрацыі захавалі.
Царква Уваскрэшання Хрыстова ў Ашмянах
Храм Уваскрэшання Хрыстова ў Ашмянах быў пабудаваны ў 1883 годзе з цэглы ў выглядзе крыжа. Узначальваў будаўніцтва архітэктар Полазаў. У 1964 годзе царкву зачынілі. Царкоўная маёмасць была разрабавана, а сам будынак быў пераўтвораны ў склад. У 1990 годзе храм вярнулі праваслаўнай царкве і аднавілі.
Цэнтральная плошча ў г.п. Воранава
На старым фотаздымку можна ўбачыць, як выглядала плошча ў Воранава ў пачатку 1900-х гадоў. Шмат людзей, павозкі і коні… Сёння яна мае зусім іншы выгляд. Акуратная, утульная плошча сустракае жыхароў і гасцей невялічкага, але вельмі прыгожага населенага пункта.
Тэатр лялек у Гродне
Гродзенскі абласны тэатр лялек быў афіцыйна створаны 1 лістапада 1980 года. Першым паказам, які ўбачылі гледачы 25 мая 1981 года, стаў спектакль "Людвіг і Тутта". У перыяд з 2011 па 2012 гг. прайшла маштабная рэканструкцыя і тэхнічнае пераабсталяванне тэатра. У тэатры з'явіліся камерная зала прыкладна на 70 месцаў, тэатральная кавярня і музей.
Біятэхналагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта
Некалі тут знаходзілася Гродзенскае рэальнае вучылішча імя цэсарэвіча Аляксея – агульнаадукацыйная сярэдняя навучальная ўстанова. У 1907 годзе рэальнае вучылішча размяшчалася ў некалькіх прыватных дамах. Асобны будынак для вучылішча быў пабудаваны на працягу 1911-1913 гг. Вучэбныя заняткі пачаліся 11 верасня 1913 года і працягваліся да пачатку Першай сусветнай вайны. У 1948 годзе будынак быў перададзены сельскагаспадарчаму інстытуту. Цяпер ён мае с у ч а с н ы в ы - гляд, захаваўшы гістарычную спадчыну папярэдняй навучальнай установы.
Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці
Установа размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Гродна, у будынку, які з'яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя, дзе размяшчалася адна са школ пры Дамініканскім манастыры. У 1894 годзе тут знаходзілася гарадская ўправа. На сённяшні дзень будынак прайшоў этапы рэстаўрацыі. У ім размясцілася тэхнічна абсталяваная сучасная ўстанова культуры, якая выкарыстоўвае ў сваёй рабоце навейшыя тэхналогіі.
Дом Валянціна Таўлая ў Лідзе
Сёння тут знаходзіцца аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Дом Валянціна Таўлая быў пабудаваны ў 1926 годзе ў цэнтры Ліды. З 1944 па 2010 гг. будынак быў прыстасаваны для размяшчэння розных устаноў горада. У 2010 годзе дом пісьменніка быў рэстаўраваны ў рамках падрыхтоўкі да рэспубліканскага свята хлебаробаў "Дажынкі-2010". 22 верасня гэтага ж года адбылося адкрыццё літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея і мемарыяльнай комнаты паэта.
Музей гісторыі Гарадніцы
Музей гісторыі Гарадніцы, таксама Дом майстра, або Басняцкі домік, – помнік рэспубліканскага значэння. Ён знаходзіцца ў будынку другой паловы XVIII стагоддзя, які з'яўляецца адзіным уцалелым з дваццаці так званых «басняцкіх дамоў», дзе размяшчалася вайсковая варта Гродзенскай каралеўскай эканоміі. Дом майстра – прыклад першай у Беларусі тыповай жылой забудовы. У 1987 годзе быў распрацаваны праект рэстаўрацыі будынка. Реалізаваны ён быў у 1990 годзе.
Дом Элізы Ажэшкі
Дом быў пабудаваны мужам Элізы Ажэшкі ў 60-70-х гадах XIX стагоддзя. Пісьменніца пражыла ў ім да канца сваіх дзён. Пасля яе смерці дом быў перададзены Гродзенскаму таварыству апекі над дзецьмі. У 1920-я тут таксама размяшчалася гандлёвая школа. У 1940 годзе – музычная школа, а ў 1960-я гады – Саюз пісьменнікаў. У 1976 годзе адбылася рэканструкцыя дома. Таксама аднаўлялі будынак у 2009 годзе.
Будынак рэстарана «Стары Лямус»
У XVIII стагоддзі будынак рэстарана «Стары Лямус» уваходзіў у архітэктурны ансамбль горада Гродна, вядомы як «забудова Тызенгаўза на Гарадніцы». Гістарычна гэта былы склад комплексу Гарадніцы. У першай чвэрці XIX стагоддзя будынак займалі вайсковыя часткі. У 20-30-я гады XX стагоддзя значыўся як «хата акцёра». З 1950-х гадоў будынак быў жылым. Пасля рэстаўрацыі тут адчынілі рэстаран. У дызайне інтэр'ера ўжытыя сапраўдныя ўнікальныя старадаўнія рэчы, прадметы побыту і карціны.
Магазін «Ратушны»
Будынак мае даўнюю гісторыю. Пабудаваны ён на месцы былой гарадской карчмы, якая існавала яшчэ да атрымання горадам Гродна Магдэбургскага права ў 1496 годзе. У свой час уладальнікамі зямлі, на якой ужо былі каменны дом, карчма і драўляны дом, сталі члены сям'і маршалка Паўла Караля Сангушкі. У 1778 годзе ўся нерухомасць перайшла да гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза і заставалася ў гэтай сям'і да канца XVIII стагоддзя. Да сярэдзіны XIX стагоддзя будынак прыняў сучасны выгляд. У розныя гады ХХ стагоддзя тут знаходзіліся прадстаўніцтва кампаніі швейных машын «Зінгер», розныя крамы, цырульня. Сёння будынак больш вядомы як магазін «Ратушны».
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website